Новости Гомеля
Кірыл Краўцоў: «Чырвоны Кастрычнiк лепей за Парыж»
Кірыл Краўцоў – малады чалавек, фатограф, вандроўца, які стаў знакаміты дзякуючы падарожжу з табурэтам да акіянa. Упэўнена, многія чулі пра гэту падзею. Калі не – Google дапаможа. Бо зараз зусім не пра акiян, а пра вёску.
У 2011 годзе Кірыл пераехаў жыць у невялiкую вёску «Чырвоны кастрычнiк», дзе, акрамя яго i жонкі, нiкога няма. Навошта? Падабаецца ці яму там? Як жыве малады чалавек без Інтэрнтэтa i тых рэчаў, да якiх звык, калi жыў у горадзе. Аб гэтым – у нашым сённяшнiм матэрыяле. Кірыл размаўляе на беларускай мове, таму ўпершыню на нашым сайце – інтэрв'ю на роднай мове.
Невялiкая даведка.
Кiрылу 33 гады.
Па спецыяльнасцi – бухгалтар.
Захапленнi – будаўніцтва, цяслярства, печкабудаванне, арганізацыя мерапрыемстваў.
Галоўнае ў жыццi – ўмець быць увесь час у добрым настроі і змяняць сваё жыццё з ног да галавы час ад часу.
– Кiрыл, чаму ты вырашыў пераехаць жыць у вёску? Што паўплывала на такое рашэнне? Ты там жывеш ва ўласнай хаце?
– Так. Жыву ў асабістай хаце. Чаму вёска? Таму што я не бачу ніводнай перавагі для жыцця ў горадзе. У вёсцы ўсё лепш і якасней.
– І гэта пасля падарожжа з табурэтам да акіяна, падчас якога ты меў магчымасць параўнаць, дзе і як жывуць людзі?
– Так.
– Дарэчы, што запомнілася з гэтага вельмі незвычайнага падарожжа больш за ўсё?
– У падарожжы я змог параўнаць жыццё ў розных краінах і зразумець, што наша краіна ледзь не адзіная ў свеце, дзе жыць бяспечна і камфортна.
– Ты сур'ёзна?
– Абсалютна.
– Ты жывеш у хаце, дзе яшчэ год назад не было нават электрычнасцi. I гэта ты называеш камфортам?
– Усё дакладна. Год назад не было, але зараз ужо ёсць i электрыcтва, i вадаправод у хаце, i лазня. Туалет на вулiцы. А камфортам я называю тое, што можна выйсці з хаты і басымі нагамі па зямле і траве хадзіць, а не па асфальце.
– Зразуемела, Інтэрнтэтa ў вёсцы таксама няма?
– Там нават ні ў аднаго сотавага аператара 3G пакрыцця няма.
– I як цябе жывецца без Інтэрнтэтa?
– Добра адчуваю, мне ёсць чым займацца і без яго.
– Чым займаешся?
– У асноўным – будоўля. Рамесництвам яшчэ.
– Не палічы за інтымнае пытанне, ты адзін жывеш у хаце?
– Мiнулы год я там жыў адзін на ўсю вёску. Зараз жыву з жонкай. Яшчэ ёсць сябар Паша, які пераехаў у Кастрычнік з Крыму, але на зіму ён паехаў да бацькі дапамагчы будаваць хату. Абяцаў вярнуцца ўвесну.
– Жонцы падабаецца?
– Падабаецца.
– Як часта ты ў горад прыязджаеш?
– Раз на два тыднi праведаць бацькоў ды наведаць Iнтэрнэт.
– Чым вы з жонкай харчуецеся? У вёсцы ніхто больш не жыве. Зразумела, крам няма.
– Хлеб пячэм самі. Нашмат смачней, чым у краме. Малако купляем у суседняй вёсцы з-пад каровы. Але я i магазiннае люблю. У параўнаннi з iншымi краiнамi, нашы малочныя прадукты смачныя i якасныя.
– Мяса ўваходзіць у ваш рацыён харчавання?
– Я ем мяса, жонка – не.
– Цяпер, калі жывеш у вёсцы, чым зарабляеш на жыццё?
– Рамеснiцтвам, агратурызмам. Улетку вось быў фэст. Не асоба ў мяне ёсьць час зарабляць грошы, але ўсё, што потрэбна для жыцця, можна і без грошай дабыць.
– Кiрыл, а як паставіліся да таго, што ты пераехаў, твае блізкія, знаёмыя, сябры?
– Вельмі добра. Зараз ўсе мае сябры даволі часта наведваюць мяне, каб адпачыць на прыродзе.
– За мяжой усе мараць з'ехаць з горада і з'язджаюць. У нас жа наадварот. Пракаментуй!
– Чаму людзі ў нас з вёсак у гарады пераязджаюць – гэта размова для асобнага артыкула. І тут трэба апытваць тых, хто пакідае вёску. Я магу толькі дагадкі будаваць: мабыць, таму, што ў горадзе больш прапаноў працы, мабыць, таму, што ім абрыдла дровы сеч ды ваду грэць.
Камфорт – справа адносная. Каму гарошына пад сям'ю пярынамі перашкаджае, а каму і даха над галавой хапае. Але ж магчыма зрабіць сабе такія ўмовы, якія трэба, і самому, бо ў вёсцы ўсе магчымасці абмяжоўваюцца толькі ўласнай фантазіяй.
– Вялікі дзякуй за гутарку. Дарэчы, чаму на беларускай мове размаўляеш?
– Павандраваў па свеце, сустрэў беларускіх эмігрантаў, дзеці якіх ведаюць беларускую і ангельскую, а рускую нават і не разумеюць, а паўгады таму павандраваў вакол РБ і сам стаў ад рускай адмаўляцца.
– Тваё права. Яшчэ раз дзякуй. З Новым Годам! Дзе адзначаў?
– Няма за што. У сяброў ва Францыi.
– Але вёска табе падабаецца больш за Парыж?
– Парыж увогуле не падабаецца. Я быў на поўдні ў маленькім горадзе каля Монпэлье.
– Цiкава. У вёску ў госці можна?
– Прыязджай, калi ласка!
Фота з архіва Кірыла